МААНЗУ́НДСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ ў Вялікую Айчынную вайну,

1) дзеянні сав. войск і сіл Балт. флоту па абароне астравоў Маанзундскага архіпелага 6.9—22.10.1941. Аперацыя адбылася пасля захопу ням.-фаш. войскамі Таліна (28.8.1941), у выніку чаго сав. часці на астравах апынуліся ў варожым тыле. Супраць размешчаных на архіпелагу і каля яго 3-й асобнай брыгады 8-й арміі Паўн.-Зах. фронту, 16 батарэй берагавой артылерыі, 6 тарпедных катэраў, 17 тральшчыкаў і інш. суднаў, 12 самалётаў-знішчальнікаў на в-ве Саарэмаа (усяго каля 24 тыс. чал.) дзейнічаў пры падтрымцы карабельнай артылерыі і авіяцыі ням. дэсант у складзе 2 пяхотных дывізій (больш за 50 тыс. чал.), які ва ўпартых баях (страціў каля 25—26 тыс. чал.) выцесніў сав. часці. 19—22 кастр. гарнізон астравоў эвакуіраваны на п-аў Ханка. У аперацыі ўдзельнічалі і воіны-беларусы, у т.л. віцэ-адм. В.П.Дрозд. Адцягненне значных сіл праціўніка для захопу Маанзундскіх а-воў садзейнічала аслабленню ням.-фаш. групоўкі, якая наступала на Ленінград.

2) Дэсантная аперацыя войск 8-й арміі Ленінградскага фронту і сіл Балт. флоту (2 стралк. карпусы, 260-я марская стралк. брыгада, каля 100 катэраў і 40 інш. суднаў) па вызваленні занятага ням.-фаш. часцямі (11,5 тыс. чал.) і сіламі флоту Маанзундскага архіпелага 27.9—24.11.1944. У ходзе цяжкіх баёў сав. дэсантнікі авалодалі а-вамі Вормсі (27 вер.), Муху (30 вер.), Хіўма (3 кастр.), Саарэмаа (да 24 ліст.). У выніку вызвалення Маанзундскіх а-воў Балт. флот устанавіў поўны кантроль над Фінскім і Рыжскім залівамі.

Літ.:

Чернов Ю.И. Война погасила маяки. М., 1985;

Виноградов Ю.А. Хроника расстрелянных островов. М., 1985;

Ачкасов В. Моонзундская десантная операция // Воен.-ист. журн. 1973. № 4.

У.Я.Калаткоў, В.А.Юшкевіч.

т. 9, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)